Адвечны покліч Радзімы

Прочитаю позже
Аннотация
Адвечны покліч Радзімы

Дарагі дружа!

Не стамляйся шукаць ісціну. Стомлены чалавек не адужае дарогу жыцця.

А веды дадаюць дужасці, сілы, мудрасці. Так заўсёды лічылі нашы продкі. І нястомна імкнуліся да святла ісціны і праўды. Таму на ўсім гістарычным шляху пакідалі свае памятныя адзнакі, свае апазнавальныя знакі. І дагэтуль яны ўяўляюцца яркапраменнымі маячкамі, што пазначаюць шлях з мінулага ў будучае, яднаюць дзень учарашні з днём сённяшнім.

Гэтаксама яднаюць нашу гісторыю з сучаснасцю выдатныя помнікі архітэктуры, духоўныя здабыткі продкаў, унітаваныя ў агульнаеўрапейскі кантэкст беларускія з’явы і падзеі, выдатныя постаці рупліўцаў-папярэднікаў. Пасеяная імі ніўка сёння шчодра каласіцца умалотным ураджаем.

Разгарні кнігу і ты пераканаешся ў справядлівасці гэтага.

Цягам пяці стагоддзяў узвышае людскі дух цудатворны Мінскі абраз Божай Маці.

Прамудрасцю Боскай асвятляе беларускі шлях Полацкая Сафійка.

Згублены ў часе крыж Льва Сапегі праменіцца не толькі святасцю, а і душэўнай шчырасцю і шчодрасцю яго стваральніка і фундатара.

Дагэтуль уражвае праніклівай мудрасцю і ўсебаковай дасведчанасцю беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, аўтар выдатнай паэмы-хваласпеву ў гонар Вітаўта Вялікага “Песня пра зубра”.

Адзін з вядомых і ўплывовых у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай магнацкі род Радзівілаў здзіўляў свет не толькі сваімі дабрадзейнымі справамі, а і не менш знанымі дзівацтвамі і штукарствамі.

Апантаны паслядоўнік навуковых ідэй італьянскага мастака Ленарда да Вінчы беларус Казімір Чарноўскі нават у вусцішных камерах-адзіночках царскіх турмаў здолеў стварыць праект першай у Расіі падводнай лодкі.

Нястомным сэрцам б’ецца на падобным на кляновы лісток беларускім абшары самае загадкавае і гаючае возера Нарач.

Пра гэтыя залацінкі-цуды роднай Беларусі наш расказ. Ён дапаможа табе прасвятліцца ісцінай, зразумець мудрую велічнасць спраў і дзеяў нашых улюбёных у сваю зямлю і жыццё продкаў. Прыслухайся да парады нашага вядомага паэта Міхася Стральцова і

Паяднай пачатак і канец – Азарацца памяці скляпенні, Каб пад імі сталі палымнець, Ясніцца мінулыя імгненні.